1І ўстаў Ісус рана раніцай, і рушылі яны ад Сітыма і прыйшлі да Ярдана, ён і ўсе сыны Ізраілевыя, і начавалі там, яшчэ не пераходзячы яго.
2Праз тры дні пайшлі наглядчыкі па табары
3і далі народу загад, кажучы: калі ўбачыце каўчэг запавету Госпада Бога вашага і сьвятароў лявітаў, якія несьцімуць яго, дык і вы рушце зь месца свайго і ідзеце за ім;
4адлегласьць паміж вамі і ім павінна быць да дзьвюх тысяч локцяў мераю; не падыходзьце да яго блізка, каб уведаць вам шлях, якім вам ісьці; бо вы не хадзілі гэтым шляхам ні ўчора, ні заўчора.
5І сказаў Ісус народу: асьвяцецеся, бо заўтра ўчыніць Гасподзь сярод вас цуды.
6А сьвятарам сказаў Ісус: вазьмеце каўчэг запавету і ідзеце перад народам. Узялі каўчэг запавету і пайшлі перад народам.
7Тады Гасподзь сказаў Ісусу: у гэты дзень Я пачну праслаўляць цябе на вачах ва ўсяго Ізраіля, каб яны ўведалі, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табою;
8а ты дай загад сьвятарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы: як толькі ўвойдзеце ў воды Ярдана, спынецеся ў Ярдане.
9Ісус сказаў сынам Ізраілевым: падыдзеце сюды і выслухайце словы Госпада Бога вашага.
10І сказаў Ісус: з гэтага даведаецеся, што сярод вас ёсьць Бог жывы, Які прагоніць ад вас Хананэяў, і Габрэяў, і Фэрэзэяў, і Гергесэяў і Амарэяў і Евусэяў;
11вось каўчэг запавету Госпада ўсёй зямлі пойдзе перад вамі празь Ярдан;
12і вазьмеце сабе дванаццаць чалавек з плямёнаў Ізраілевых, па адным чалавеку з племя;
13І як толькі ступакі ног сьвятароў, што нясуць каўчэг Госпада, Уладара ўсёй зямлі, ступяць у ваду Ярдана, вада Ярданская высахне, а вада, якая цячэ зьверху, спыніцца сьцяною.
14Дык вось, калі народ рушыў ад сваіх намётаў, каб пераходзіць Ярдан, і сьвятары панесьлі каўчэг запавету перад народам,
15дык, як толькі тыя, што несьлі каўчэг увайшлі ў Ярдан, і ногі сьвятароў, што несьлі каўчэг, апусьціліся ў ваду Ярдана,
16вада, якая цякла зьверху, спынілася і стала сьцяною на даволі вялікай адлегласьці, да горада Адама, які каля Цартана; а што цякла ў мора раўніны, у мора Салёнае, пайшла і высахла.
17І народ пераходзіў насупраць Ерыхона; а сьвятары, якія несьлі каўчэг запавету Гасподняга, стаялі на сухім сярод Ярдана цьвёрдаю нагою. Усе Ізраілевыя пераходзілі па сухім, пакуль увесь народ не перайшоў празь Ярдан.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.