ЁВА 21 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Ёў 21

1І адказваў Ёў і сказаў:

2выслухайце ўважліва слова маё, і гэта будзе мне суцяшэньнем ад вас.

3Патрывайце мяне, і я буду гаварыць; а пасьля таго, як пагавару, насьміхайцеся.

4Хіба да чалавека слова маё? як жа мне і не маладушнічаць?

5Паглядзеце на мяне і жахнецеся, і пакладзеце палец на вусны.

6Як толькі я згадаю, - уздрыгваю, і трымценьне абдымае цела маё.

7Чаму беззаконныя жывуць, дасягаюць старасьці, ды і сілаю моцныя?

8Дзеці іхнія зь імі перад абліччам ў іх, і ўнукі іхнія перад вачыма ў іх.

9Дамы іхнія ўбясьпечаны ад страху, і няма жазла Божага на іх.

10Бык іхні апладняе і ня выкідае, карова іхняя зачынае, і ня скідае.

11Як статак, выпускаюць яны малечу сваю, і дзеці іхнія скачуць.

12Усклікаюць пад тымпан і цытру і весяляцца пад жалейку;

13бавяць дні свае ў шчасьці і імгненна сыходзяць у апраметную.

14А тым часам яны кажуць Богу: адыдзі ад нас, ня хочам мы ведаць шляхоў Тваіх!

15што нам Усеўладны, каб слугаваць Яму? і якая карысьць хінуцца да Яго?

16Бачыш, шчасьце іхняе не ад іхніх рук. - Парада бязбожных, будзь далёкая ад мяне!

17Ці часта тухне сьвяцільня ў беззаконных, і нападае на іх бяда, і Ён дае ім на долю пакуты ў гневе Сваім?

18Яны павінны быць, як саломінка перад ветрам, і як мякіна, якую нясе віхура.

19Скажаш: Бог ашчаджае дзецям ягоным няшчасьце ягонае. - Хай аддасьць ён яму самому, каб ён гэта ведаў.

20Хай яго вочы ўбачаць няшчасьце ягонае, і хай ён сам п'е ад гневу Ўсеўладнага.

21Бо які яму клопат да дому свайго пасьля яго, калі лік месяцаў ягоных скончыцца?

22Але ці Бога вучыць мудрасьці, калі Ён судзіць і вышніх?

23Адзін памірае ў самай поўніцы сілы сваёй, цалкам спакойны і мірны;

24нутроба ягоная поўная тлушчу, і косткі ягоныя напоены мозакам.

25А другі памірае з душою засмучанаю, не зазнаўшы дабра.

26І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чэрві пакрыюць іх.

27Ведаю я вашыя думкі і ўлоўкі, якія вы супраць мяне плецяце.

28Вы скажаце: дзе дом князя, і дзе намёт, у якім жылі беззаконныя?

29Хіба вы ня пыталіся ў вандроўнікаў і не знаёмыя зь іхнімі назіраньнямі,

30што ў дзень пагібелі літаваны бывае злодзей, у дзень гневу адводзіцца ўбок?

31Хто паставіць яму перад аблічча ягонае шлях ягоны, і хто аддасьць яму за тое, што ён учыняў?

32Яго праводзяць да магілы і на яго магіле ставяць варту.

33Салодкія яму камлыгі даліны, і за ім ідзе натоўп людзей, а тым, што ідуць перад ім, ліку няма.

34Як жа вы хочаце суцяшаць мяне пустым? У вашых адказах застаецца толькі мана.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help