2 ЛЕТАПІСАЎ 9 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

2 Лет 9

1Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона, прыйшла выпрабаваць Саламона загадкамі ў Ерусалім, з даволі вялікім багацьцем і зь вярблюдамі, наўючанымі пахошчамі і мноствам золата і каштоўных камянёў. І прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было на сэрцы ў яе.

2І раскрыў ёй Саламон усе словы яе, і не знайшлося нічога невядомага Саламону, чаго ён не раскрыў бы ёй.

3І ўбачыла царыца Саўская мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў,

4і ежу за сталом ягоным, і чыннасьць слугаў ягоных і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных і вопратку іхнюю, і ход, якім ён хадзіў у дом Гасподні, - і была яна не ў сабе.

5І сказала цару: правільна тое, што я чула ў зямлі маёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю,

6але я ня верыла словам пра яе, пакуль ня прыйшла і ня ўбачыла на свае вочы. І вось, мне і палавіны ня сказана пра вялікую мудрасьць тваю: ты пераўзыходзіш пагалоскі, якія я чула.

7Шчасныя людзі твае, і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю.

8Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які ўдабраволіў пасадзіць цябе на трон Свой царом у Госпада Бога твайго. Па любові Бога твайго да Ізраіля, каб уцьвердзіць яго навекі, Ён паставіў цябе царом над ім - чыніць суд і праўду.

9І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўных камянёў; і ня бывала такіх пахошчаў, якія падарыла царыца Саўская цару Саламону.

10І слугі Хірамавыя і слугі Саламонавыя, якія прывезьлі золата з Афіра, прывезьлі і чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.

11І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва лесьвіцы да дома Гасподняга і да дома царскага, і цытры і псалтыры сьпевакамі. І ня відаць было падобнага на гэта раней у зямлі Юдэйскай.

12А цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна хацела і чаго яна прасіла, апрача такіх рэчаў, якія яна прывезла цару. І яна выправілася назад у зямлю сваю, яна і слугі яе.

13Вагі ў золаце, якое прыходзіла Саламону за год, было шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў золата.

14Звыш таго, паслы і купцы прыносілі, і ўсе цары Аравійскія і начальнікі абласныя прыносілі золата і срэбра Саламону.

15І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, - па шасьцьсот сікляў каванага золата пайшло на кожны шчыт,

16і трыста шчытоў меншых з каванага золата, - па трыста сікляў золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь Ліванскага дрэва.

17І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці, і абклаў яго чыстым золатам,

18і шэсьць прыступак да трона і залатое падножжа, да трона прыробленае, і лакотнікі абапал каля сядзеньня, і двух ільвоў, якія стаялі каля лакотнікаў,

19і яшчэ дванаццаць ільвоў, якія стаялі там на шасьці прыступках, абапал. Ня бывала такога ў ніводным царстве.

20І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў з золата, і ўвесь посуд у доме зь Ліванскага дрэва быў з золата адборнага; срэбра ў дні Саламона лічылася нічым,

21бо караблі цара хадзілі ў Тарсіс са слугамі Хірама, і ў тры гады раз вярталіся караблі з Тарсіса і прывозілі золата і срэбра, слановую косьць і малпаў і паваў.

22І пераўзышоў цар Саламон усіх цароў зямлі багацьцем і мудрасьцю.

23І ўсе цары зямлі спрабавалі ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае.

24І кожны зь іх падносіў ад сябе ў дарунак посуд срэбны і посуд залаты і вопратку, зброю і пахошчы, коней і кабыл, год у год.

25І было ў Саламона чатыры тысячы стойлаў для коней і калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры цары - у Ерусаліме;

26і панаваў ён над усімі царамі ад ракі Еўфрата да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта.

27І зрабіў цар золата і срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным простаму каменю, а кедры, ад мноства, зрабіў роўнавартаснымі сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.

28Коней прыводзілі Саламону зь Егіпта і з усіх земляў.

29Астатнія дзеі Саламонавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Натана прарока і ў прароцтве Ахіі Сіламляніна і ў відзежах празорліўца Ёіля пра Ераваама, сына Наватавага.

30А валадарыў Саламон у Ерусаліме над усім Ізраілем сорак гадоў

31і пахавалі Саламона разам з бацькамі ягонымі ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І зацараваў Раваам, сын ягоны, замест яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help