1 ЛЕТАПІСАЎ 28 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

1 Лет 28

1І сабраў Давід у Ерусаліме ўсіх правадыроў Ізраільскіх, начальнікаў плямёнаў і начальнікаў аддзелаў, якія служылі цару, і тысячнікаў, і сотнікаў, і наглядчыкаў за маёмасьцю і статкамі цара і сыноў ягоных зь еўнухамі, ваеначальнікаў і ўсіх адважных мужоў.

2І стаў Давід цар на ногі свае і сказаў: паслухайце мяне, браты мае і народ мой! было ў мяне на сэрцы пабудаваць дом спакою для каўчэга запавета Гасподняга і ў падножжа нагам Бога нашага, і патрэбнае для будаўніцтва я падрыхтаваў.

3Але Бог сказаў мне: ня будуй дома імю Майму, бо ты чалавек ваяўнічы і праліваў кроў.

4Аднак жа выбраў Гасподзь Бог Ізраілеў мяне з усяго дома майго, каб быць мне царом над Ізраілем вечна, бо Юду выбраў Ён князем, а ў доме Юды дом бацькі майго, а з сыноў бацькі майго мяне ўдабраволіў паставіць царом над усім Ізраілем,

5з усіх жа сыноў маіх, - бо многа сыноў даў мне Гасподзь, - Ён выбраў Саламона, сына майго, сядзець на троне царства Гасподняга над Ізраілем,

6і сказаў мне: Саламон, сын твой, пабудуе дом Мой і двары Мае, бо Я выбраў яго Сабе ў сыны, і Я буду яму бацькам,

7і сьцьверджу царства яго навечна, калі ён будзе цьвёрды ў выкананьні запаведзяў Маіх і пастановаў Маіх, як да сёньня.

8І цяпер перад вачыма ўсяго Ізраіля, сходу Гасподняга і ў вушы Бога нашага кажу: захоўвайце і трымайцеся ўсіх запаведзяў Госпада Бога вашага, каб валодаць вам гэтаю добраю зямлёю, і пакінуць яе пасьля сябе ў спадчыну дзецям сваім навек.

9І ты, Саламоне, сыне мой, ведай Бога бацькі твайго і служы Яму ад усяго сэрца і ад усёй душы, бо Гасподзь выпрабоўвае ўсе сэрцы і ведае ўсе рухі думак. Калі будзеш ісьціць Яго, дык знойдзеш Яго, а калі пакінеш Яго, Ён пакіне цябе назаўсёды.

10Глядзі ж, калі Гасподзь выбраў цябе пабудаваць дом для сьвятыні, будзь цьвёрды і рабі.

11І аддаў Давід Саламону, сыну свайму, чарцёж бабінца і дамоў яго, і кладовак яго, і межаў яго, і ўнутраных пакояў яго, і дома для каўчэга,

12і чарцёж усяго, што было ў яго на душы двароў дома Гасподняга і ўсіх пакояў вакол, скарбніц дома Божага і скарбніц рэчаў прысьвечаных,

13і сьвятарскіх і лявіцкіх аддзяленьняў, і ўсякай службовай дзейнасьці ў доме Гасподнім, і ўсяго службовага посуду дома Гасподняга,

14залатых рэчаў, з пазнакаю вагі, для ўсякай службовай пасудзіны, усіх рэчаў срэбраных, з пазнакаю вагі, для ўсякай пасудзіны службовай.

15І даў золата на сьвяцільні і залатыя лампады, з пазнакаю вагі кожнай сьвяцільні і лампады яго, таксама сьвяцільняў срэбраных, з пазнакаю вагі кожнай сьвяцільні і лампады яго, гледзячы па службовым прызначэньні кожнай сьвяцільні;

16і золата для сталоў пакладных хлябоў, для кожнага залатога стала, і срэбра для сталоў срэбраных,

17і відэльцаў, і чараў і крапільніц з чыстага золата, і залатых місак, з пазнакаю вагі кожнай місы, і срэбраных міс, з пазнакаю вагі кожнай місы,

18і для ахвярніка дымленьня зьлітага золата з пазнакаю вагі, і зладжваньня калясніцы з залатымі херувімамі, якія прасьціраюць крылы і пакрываюць каўчэг запавета Гасподняга.

19Усё гэта ў пісаньні ад Госпада, казаў Давід, як Ён навёў мяне на розум на ўсе пабудовы.

20І сказаў Давід сыну свайму Саламону: будзь цьвёрды і мужны, і прыступай да справы, ня бойся і не жахайся, бо Гасподзь Бог, Бог мой, з табою; Ён не адступіць ад цябе і не пакіне цябе, пакуль ня ўчыніш усёй дзеі, якая патрабуецца для дома Гасподняга.

21І вось аддзелы сьвятароў і лявітаў, дзеля ўсялякай службы пры доме Божым. І ў цябе ёсьць дзеля ўсякай дзеі руплівыя людзі, майстры на ўсякую працу, і начальнікі і ўвесь народ гатовы да ўсіх тваіх загадаў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help