ІСУСА 7 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

ІсНав 7

1Але сыны Ізраілевыя ўчынілі злачынства і ўзялі з заклятага. Ахан, сын Хармія сына Заўдыя, сына Зары, з племя Юдавага, узяў з заклятага, і гнеў Гасподні запаліўся на сыноў Ізраіля.

2Ісус зь Ерыхона паслаў людзей у Гай, што паблізу Бэт-Авэна, з усходняга боку Вэтыля, і сказаў ім: ідзеце, агледзьце зямлю. Яны пайшлі і агледзелі Гай.

3І вярнуўшыся да Ісуса, сказалі яму: ня ўвесь народ хай ідзе, а няхай пойдзе каля дзьвюх тысяч альбо каля трох тысяч чалавек, і заваююць Гай; усяго народу ня шлі туды, бо тых мала там.

4Дык вось, пайшло туды з народу каля трох тысяч чалавек, але яны кінуліся наўцёкі ад жыхароў Гайскіх;

5жыхары Гайскія забілі зь іх каля трыццаці шасьці чалавек і гналі іх ад брамы да Сэварым і разьбілі іх на спуску з гары; і праз гэта сэрца народу растала і зрабілася, як вада.

6Ісус разадраў вопратку на сабе і ўпаў тварам сваім на зямлю перад каўчэгам Гасподнім і ляжаў да самага вечара, ён і старэйшыны Ізраільскія і пасыпалі пылам галовы свае.

7І сказаў Ісус: о, Госпадзе Ўладару! навошта Ты перавёў народ гэты празь Ярдан, каб аддаць нас у рукі Амарэям і загубіць нас? о, калі б мы засталіся і жылі за Ярданам!

8О, Госпадзе! што сказаць мне пасьля таго, як Ізраіль павярнуўся ад ворагаў сваіх?

9Хананэі і ўсе жыхары зямлі пачуюць і акружаць нас і вынішчаць імя наша зь зямлі. І што зробіш тады імю Твайму вялікаму?

10Гасподзь сказаў Ісусу: устань, навошта ты ўпаў на твар твой?

11Ізраіль зграшыў, і пераступілі яны наказ Мой, які Я запавядаў ім; узялі з заклятага, і ўкралі, і ўтоілі і паклалі паміж сваімі рэчамі;

12за гэта сыны Ізраілевыя не маглі ўстояць перад ворагамі сваімі, бо яны падупалі праклёну; ня буду болей з вамі, калі ня зьнішчыце з асяродзьдзя вашага заклятага.

13Устань, асьвяці народ і скажы: асьвяцецеся да раніцы, бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: «заклятае сярод цябе, Ізраіле; таму ты ня можаш устояць перад ворагамі тваімі, пакуль ня выдаліш спаміж сябе праклятага»;

14заўтра падыходзьце паводле плямёнаў вашых; а племя, на якое пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць па родах; род, на якое пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць пасямейна; сям'я, на якую пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць па адным чалавеку;

15і выкрытага ў рабаваньні заклятага няхай спаляць агнём, яго і ўсё, што ў яго, за тое, што ён пераступіў наказ Гасподні і ўчыніў беззаконьне сярод Ізраіля.

16Ісус, устаўшы рана раніцай, загадаў Ізраілю падыходзіць паводле плямёнаў, і ўказана племя Юдава;

17потым загадаў падыходзіць плямёнам Юдавым, і ўказана племя Зары; загадаў падыходзіць племю Зараваму пасямейна, і ўказана сям'я Заўдыева;

18загадаў падыходзіць сямейству ягонаму па адным чалавеку, і ўказаны Ахан, сын Хармія, сына Заўдыя, сына Зары, з роду Юдавага.

19Тады Ісус сказаў Ахану: сыне мой! узьнясі славу Госпаду Богу Ізраілеваму і зрабі перад Ім споведзь і абвясьці мне, што ты зрабіў; ня ўтоі ад мяне.

20У адказ Ісусу Ахан сказаў: праўда, я зграшыў перад Госпадам Богам Ізраілевым і зрабіў тое і тое:

21сярод здабычы ўбачыў я адну прыгожую Сэнарскую адзежыну і дзьвесьце сікляў срэбра і зьлітак золата вагою ў пяцьдзясят сікляў; гэта мне спадабалася, і я ўзяў гэта; і вось, яно схавана ў зямлі сярод намёта майго, і срэбра пад ім на сподзе.

22Ісус паслаў людзей і яны пабеглі ў намёт; і вось, усё гэта схавана было ў намёце ягоным, і срэбра пад ім на сподзе.

23Яны ўзялі гэта з намёта і прынесьлі да Ісуса і да ўсіх сыноў Ізраілевых і паклалі перад Госпадам.

24Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім узялі Ахана, сына Зарынага, і срэбра, і вопратку, і зьлітак золата, і сыноў ягоных і дочак ягоных, і валоў ягоных і аслоў ягоных, і авечак ягоных і намёт ягоны, і ўсё, што ў яго было, і вывелі іх у даліну Ахор.

25І сказаў Ісус: за тое, што ты навёў на нас бяду, Гасподзь на цябе наводзіць бяду ў дзень гэты. І пабілі яго ўсе Ізраільцяне камянямі, і спалілі іх агнём, і накідалі на іх каменьня.

26І накідалі на яго вялікую крушню, якая ацалела і да сёньня. Пасьля гэтага аціхла лютасьць гневу Гасподняга. Якраз таму і называецца мясьціна далінаю Ахора да сёньня.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help