ІСАІ 66 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Іс 66

1Так кажа Гасподзь: неба - трон Мой, а зямля - падножжа ног Маіх; дзе ж набудзеце вы дом Мне, і дзе месца спакою Майго?

2Бо ўсё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта было, кажа Гасподзь. А вось, на каго Я пагляджу: на ўпакоранага і зламанага духам і на таго, хто трымціць перад словам Маім.

3А хто коле вала - тое самае, што і забівае чалавека; ахвяравальнікі ягняці - тое самае, што гіцаль; ахвяравальнік ежы - тое самае, што ахвяравальнік сьвіное крыві; кадзільнік фіміяму - тое самае, што мольбіт ідалу; і як яны выбралі свае шляхі, і душа іх знаходзіць асалоду ў мярзотах іхніх,

4так і я ўжыву іхнюю панаду і навяду на іх жахлівае для іх; бо Я клікаў - і ня было адказьніка, казаў - і яны ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што не даспадобы Мне.

5Выслухайце слова Госпада, хто трымціць перад словам Яго: вашы браты, што ненавідзяць вас і выганяюць вас за імя Маё, кажуць: «няхай явіць Сябе ў славе Гасподзь, і мы паглядзім на весялосьць вашу». Але яны будуць пасаролмленыя.

6Вось, шум з горада, голас з храма, голас Госпада, Які помсьціцца ворагам Сваім.

7Яшчэ ня мучылася родамі, а нарадзіла; перш чым насталі болі яе, нарадзіла сына.

8Хто чуў такое? хто бачыў падобнае на гэта? ці ўзьнікла краіна ў адзін дзень? ці нараджаўся народ за адзін раз, як Сіён, ледзь толькі пачаўшы родамі мучыцца - нарадзіў сыноў сваіх.

9Ці давяду Я да родаў, і ці ня дам радзіць? кажа Гасподзь. Альбо, даючы сілу радзіць, ці зачыню нутробу? кажа Бог твой.

10Весялецеся зь Ерусалімам і радуйцеся за яго, усе, хто любіць яго! парадуйцеся зь ім радасьцю ўсе, хто скардзіўся на яго,

11каб вам карміцца і насычацца ад саскоў суцяшэньняў ягоных, упівацца і мець асалоду ад лішку славы Ягонай.

12Бо так кажа Гасподзь: вось, Я пасылаю да яго спакой, як раку, і багацьце народаў - як паток, што разьліваецца, для асалоды вашай; на руках насіцьмуць вас і на каленях будуць песьціць.

13Як суцяшае каго-небудзь маці яго, так суцешу вас Я, і вы будзеце суцешаныя ў Ерусаліме.

14І ўбачыце гэта, і парадуецца сэрца ваша, і косьці вашыя расьцьвітуць, як маладая зеляніна, і растуліцца рука Госпада рабам Яго, а на ворагаў Сваіх Ён разгневаецца.

15Бо вось, прыйдзе Гасподзь у агні і калясьніцы Яго - як віхура, каб выліць гнеў Свой зь лютасьцю і дараваньне Сваё з палаючым агнём.

16Бо Гасподзь у агні і мечам Сваім учыніць суд над усякаю плоцьцю, і многа будзе пабітых Госпадам.

17Тыя, якія асьвячаюць і ачышчаюць сябе ў гаях, адзін за адным, ядуць сьвіное мяса і мярзоту і мышэй, - усе загінуць, кажа Гасподзь.

18Бо Я ведаю ўчынкі іхнія і думкі іхнія; і вось, прыйду сабраць усе народы і роды, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю.

19І пакладу на іх азнаку, і пашлю з выратаваных ад іх да народаў: у Тарсіс, у Пулу і Луду, да тых, што напінаюць лук, у Тубалу і Явану, на далёкія астравы, якія ня чулі пра Мяне і ня бачылі славы Маёй; і яны абвесьцяць народам славу Маю

20і прадставяць усіх братоў вашых ад усіх народаў у дарунак Госпаду на конях і калясьніцах, і на насілках і на мулах і на борздых вярблюдах, - на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа Гасподзь, - падобна на тое, як сыны Ізраілевыя прыносяць дарунак у дом Госпада ў чыстай пасудзіне.

21Зь іх буду браць таксама ў сьвяшчэньнікі і лявіты, кажа Гасподзь.

22Бо, як новае неба і новая зямля, якія я ствару, заўсёды будуць перад абліччам Маім, кажа Гасподзь, так будзе і насеньне ваша і імя ваша.

23Тады зь месяца ў месяц і з суботы ў суботу будзе прыходзіць усякая плоць перад аблічча Маё на пакланеньне, кажа Гасподзь.

24І будуць выходзіць, і ўбачаць трупы людзей, што адступіліся ад Мяне: бо чарвяк іх не памрэ, і агонь іх не пагасьне; і будуць яны мярзотаю для ўсякай плоці.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help