ЛІКІ 5 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Лікі 5

1І наказаў Гасподзь Майсею:

2загадай сынам Ізраілевым выслаць з табара ўсіх пракажоных, і ўсіх кравацечных, і ўсіх, што апаганіліся ад мёртвага,

3і мужчын і жанчын вышліце, за табар вышліце іх, каб не апаганьвалі яны табараў сваіх, сярод якіх Я жыву.

4І зрабілі так сыны Ізраілевыя і вынесьлі прэч з табара: так казаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя.

5І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

6скажы сынам Ізраілевым: калі мужчына альбо жанчына зробіць які-небудзь грэх супроць чалавека і праз гэта ўчыніць злачынства супроць Госпада, і вінаватая будзе душа тая,

7дык няхай паспавядаюцца ў грэху сваім, які яны зрабілі, і вернуць поўніцай тое, у чым яны вінаватыя, і дакладуць да таго пятую долю і аддадуць таму, супроць каго зграшылі;

8а калі ў яго няма спадчыньніка, якому трэба было б аддаць за віну, дык прысьвяціць гэта Госпаду: няхай будзе гэта сьвятару, звыш барана ачышчэньня, якім ён ачысьціць яго;

9і ўсякае паднашэньне з усіх сьвятыняў сыноў Ізраілевых, якія яны прыносяць да сьвятара, яму належыць,

10і прысьвечанае кім-небудзь яму належыць; усё, што дасьць хто сьвятару, яму належыць.

11І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

12абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі здрадзіць каму жонка і парушыць вернасьць яму,

13і перасьпіць хто зь ёю і вылье семя, і гэта будзе схавана ад вачэй мужа яе, і яна апаганіцца тайна, і ня будзе на яе сьведкі, і ня будзе выкрыта,

14і ўвойдзе ў яго дух рэўнасьці, і будзе раўнаваць жонку сваю, калі яна апаганеная, альбо ўвойдзе ў яго дух рэўнасьці, і ён будзе раўнаваць жонку сваю, калі яна не апаганеная, -

15няхай прывядзе муж жонку сваю да сьвятара і прынясе за яе ў ахвяру дзясятую долю эфы ячнай мукі, але ня вылівае на яе алею і не кладзе лівану, бо гэта прынашэньне раўнаваньня, прынашэньне ўспаміну, якое нагадвае пра беззаконства;

16а сьвятар няхай прывядзе і паставіць яе перад абліччам Гасподнім,

17і возьме сьвятар сьвятой вады ў гліняны посуд, і возьме сьвятар зямлі з падлогі скініі і пакладзе ў ваду;

18і паставіць сьвятар жонку перад абліччам Гасподнім, і аголіць галаву жонцы, і дасьць ёй у рукі прынашэньне ўспаміну, гэта прынашэньне раўнаваньня, а ў руцэ ў сьвятара будзе горкая вада, якая наводзіць праклён.

19І закляне яе сьвятар і скажа жонцы: калі ніхто не пераспаў з табою, і ты не апаганілася і ня здрадзіла мужу свайму, дык цэлая будзеш ад гэтай вады горкай, якая наводзіць праклён;

20але калі ты здрадзіла мужу твайму і апаганілася, і калі хто пераспаў з табою апрача мужа твайго, -

21тады сьвятар хай закляне жонку кляцьбою праклёну і скажа сьвятар жонцы: хай пракляне цябе Гасподзь і аддасьць кляцьбе ў народзе тваім, і хай зробіць Гасподзь, каб улоньне тваё апала і жывот твой апух;

22і хай пройдзе вада гэтая, якая наводзіць праклён, у нутрыну тваю, каб апух жывот і апала ўлоньне. І скажа жонка: амін, амін.

23І напіша сьвятар заклёны гэтыя на зьвітку і змые іх горкаю вадою;

24і дасьць выпіць жонцы горкую ваду, якая наводзіць праклён, і ўвойдзе ў яе вада, якая наводзіць праклён, на шкоду ёй.

25І возьме сьвятар з рук жонкі хлебнае прынашэньне раўнаваньня, і паднясе гэтае прынашэньне перад Госпада, і занясе яго да ахвярніка;

26і возьме сьвятар жменяю з хлебнага прынашэньня частку на памяць, і спаліць на ахвярніку, і потым дасьць жонцы выпіць вады:

27і калі напоіць яе вадою, тады, калі яна нячыстая і зрабіла злачынства супроць мужа свайго, горкая вада, якая наводзіць праклён, увойдзе ў яе, на шкоду ёй, і апухне чэрава яе і ападзе ўлоньне яе, і будзе тая жонка праклятая ў народзе сваім;

28а калі жонка не апаганілася і была чыстая, дык застанецца цэлая і будзе апладняцца семем.

29Вось закон пра раўнаваньне: калі жонка здрадзіць мужу свайму і апаганіцца,

30альбо калі на мужа сыдзе дух рэўнасьці, і ён будзе раўнаваць жонку сваю, тады няхай ён паставіць жонку сваю прад абліччам Госпада, і зробіць зь ёю сьвятар усё паводле гэтага закона, -

31і будзе муж чысты ад грэху, а жонка панясе на сабе грэх свой.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help