ЯНА 9 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Ян 9

1І праходзячы, угледзеў чалавека, сьляпога ад роду.

2Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: Равьві! хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ўрадзіўся сьляпы?

3Ісус адказваў: не зграшыў ні ён, ні бацькі ягоныя, але гэта на тое, каб на ім выявіліся дзеі Божыя;

4Мне належыць чыніць дзеі Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль ёсьць дзень; прыйдзе ноч, калі ніхто ня можа чыніць;

5пакуль Я ў сьвеце, Я - сьвятло сьвету.

6Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў гразь са сьліны і памазаў гразёю вочы сьляпому,

7і сказаў яму: ідзі, умыйся ў купальні Сілоам, што азначае: пасланы. Той пайшоў і ўмыўся, і вярнуўся відушчы.

8Тут суседзі і тыя, што раней бачылі яго сьляпога, казалі: ці ня той гэта, які сядзеў і прасіў міласьціны?

9Некаторыя казалі: гэта ён. А некаторыя: падобны на яго. Ён казаў: гэта я.

10Тады пыталіся ў яго: як адкрыліся ў цябе вочы?

11Ён сказаў у адказ: чалавек, Якога завуць Ісус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: «ідзі ў купальню Сілоам і ўмыйся». Я пайшоў, умыўся і зрабіўся відушчы.

12Тады сказалі яму: дзе Ён? Ён адказаў: ня ведаю.

13Павялі гэтага былога сьляпца да фарысэяў.

14А была субота, калі Ісус зрабіў гразь і адамкнуў яму вочы.

15Спыталіся ў яго і фарысэі таксама, як ён відушчы зрабіўся. Ён ім сказаў: гразь паклаў Ён на мае вочы, і я ўмыўся, і бачу.

16Тады некаторыя фарысэі казалі: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не шануе суботы. Іншыя казалі: як можа чалавек грэшны тварыць такія цуды? і паўстала між імі нязгода.

17Зноў кажуць сьляпому: ты што скажаш пра Яго, бо Ён адамкнуў табе вочы? Ён сказаў: гэта прарок.

18Тады Юдэі не паверылі, што быў ён сьляпы і зрабіўся відушчы, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага ўжо відушчага

19і спыталіся ў іх: ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?

20Бацькі ягоныя сказалі ім у адказ: мы ведаем, што гэта сын наш і што ён нарадзіўся сьляпы;

21а чаму цяпер бачыць, ня ведаем, ці хто адамкнуў яму вочы, мы ня ведаем: сам у сталых гадах, у самога спытайце, хай сам пра сябе скажа.

22Так адказвалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў; бо Юдэі змовіліся ўжо, каб, хто прызнае Яго за Хрыста, таго адлучаць ад сынагогі;

23вось таму бацькі ягоныя і сказалі: ён у сталых гадах, у самога спытайце.

24І вось, другі раз паклікалі чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: узьнясі хвалу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той - грэшнік.

25Ён сказаў ім у адказ: ці грэшнік Ён, ня ведаю; адно ведаю, што быў я сьляпы, а цяпер бачу.

26Зноў спыталіся ў яго: што зрабіў Ён з табою? як адамкнуў твае вочы?

27адказваў ім: я ўжо сказаў вам, і вы ня слухалі; што яшчэ хочаце пачуць? альбо і вы хочаце зрабіцца Ягонымі вучнямі?

28А яны дакаралі яго і сказалі: ты вучань Ягоны, а мы Майсеевыя вучні;

29мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён.

30Чалавек відушчы сказаў ім у адказ: гэта якраз і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адамкнуў мне вочы.

31Але мы ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае, а хто шануе Бога і выконвае волю Ягоную, таго слухае:

32спрадвеку ня чулі, каб хто адамкнуў вочы таму, хто ўрадзіўся сьляпы;

33калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы тварыць нічога.

34Сказалі яму ў адказ: у грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас яшчэ вучыш? І выгналі яго прэч.

35Ісус, пачуўшы, што выгналі яго прэч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці верыш ты ў Сына Божага?

36Ён адказваў і сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго?

37Ісус сказаў яму: і бачыў ты Яго, і Ён гаворыць з табою.

38А ён сказаў: веру, Госпадзе! І пакланіўся Яму.

39І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб нявідушчыя бачылі, а відушчыя асьлеплі.

40Пачуўшы гэта, некаторыя фарысэі, што былі зь Ім, сказалі Яму: няўжо і мы сьляпыя?

41Ісус сказаў ім: калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б на сабе грэху; але як што вы кажаце, што бачыце, дык грэх застаецца на вас.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help