2 ЛЕТАПІСАЎ 23 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

2 Лет 23

1А на сёмым годзе ўзбадзёрыўся Ёдай і прыняў у саюз з сабою начальнікаў сотняў: Азарыю, сына Ерахамавага, і Ісмаіла, сына Егахананавага, і Азарыю, сына Авэдавага, і Маасэю, сына Адаі, і Элішафата, сына Зіхры.

2І яны прайшлі па Юдэі і сабралі лявітаў з усіх гарадоў Юдэі і ўзначальцаў пакаленьняў Ізраілевых, і прыйшлі ў Ерусалім.

3І заключыў увесь сход спрымірэнства ў доме Божым з царом. І сказаў ім Ёдай: вось сын цара павінен быць царом, як сказаў Гасподзь пра сыноў Давідавых.

4Вось што вы зрабеце: траціна вас, што прыходзяць у суботу, са сьвятароў і лявітаў, будзе брамнікамі каля парогаў,

5і траціна пры доме царскім, і траціна каля брамы Есод, а ўвесь народ на дварах дома Гасподняга.

6І ніхто хай не заходзіць у дом Гасподні, акрамя сьвятароў і служак зь лявітаў. Яны могуць увайсьці, бо асьвечаныя; а ўвесь народ хай стаіць на варце Гасподняй.

7І хай лявіты абступяць цара з усіх бакоў, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй, і хто будзе ўваходзіць у храм, хай будзе забіты. І будзьце вы пры цары, калі ён будзе ўваходзіць і выходзіць.

8І зрабілі лявіты і ўсе Юдэі, што загадаў Ёдай сьвятар; і ўзялі кожны людзей сваіх, якія прыходзяць у суботу з тымі, што адыходзяць у суботу, бо не адпусьціў сьвятар Ёдай чэргаў, якія зьмяніліся.

9І раздаў Ёдай сьвятар начальнікам сотняў дзіды і малыя і вялікія шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Божым;

10і паставіў увесь народ, кожнага са зброяю ягонай у руцэ ягонай, ад правага боку храма да левага боку храма, каля ахвярніка і каля дома, вакол цара.

11І вывелі сына цара, і ўсклалі на яго вянок і аздобы, і паставілі яго царом; і памазалі яго Ёдай і сыны ягоныя і сказалі: хай жыве цар!

12І пачула Гатолія голас народу, які бег і абвяшчаў пра цара, і выйшла да народу ў дом Гасподні,

13і ўбачыла: і вось цар стаіць на ўзвышэньні сваім каля ўваходу, і князі і трубы каля цара, і ўвесь народ зямлі весяліцца, і трубяць у трубы, і сьпевакі са спарудамі музычнымі і ўмелыя ў славаслоўі. І падрала Гатолія вопратку на сабе і закрычала: змова! змова!

14І выклікаў Ёдай сьвятар начальнікаў сотняў, начальнікаў над войскам, і сказаў ім: выведзіце яе прэч, і хто пойдзе за ёю, хай будзе забіты мечам. Бо сьвятар сказаў: ня ўсьмерціце яе ў доме Гасподнім.

15І далі ёй месца, і калі яна прайшла да ўваходу конскае брамы царскага дома, там забілі яе.

16І заключыў Ёдай запавет паміж сабою і ўсім народам і царом, каб быць народам Гасподнім.

17І пайшоў увесь народ у капішча Ваала, і разбурылі яго, і ахвярнікі ягоныя і балванаў ягоных пабілі, і Матана, жраца Ваалавага, забілі перад ахвярнікамі.

18І даручыў Ёдай справы дома Гасподняга сьвятарам і лявітам, як размеркаваў Давід у доме Гасподнім, дзеля прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду, як напісана ў законе Майсеевым, з радасьцю і сьпевамі, паводле статуту Давідавага.

19І паставіў ён брамнікаў каля брамы дома Гасподняга, каб не ўваходзіў нячысты ў чым-небудзь.

20І ўзяў начальнікаў сотняў, і вяльможаў, і начальнікаў у народзе, і ўвесь народ зямлі, і правёў цара з дома Гасподняга і прайшлі праз верхнюю браму ў дом царскі, і пасадзілі цара на царскі трон.

21І весяліўся ўвесь народ, і горад супакоіўся. А Гатолію забілі мечам.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help