1І было ў сёмы месяц, Ісмаіл, сын Натаніі, сына Элісама зь племя царскага, і вяльможы царовыя і дзесяць чалавек зь ім прыйшлі да Гадоліі, сына Ахікамавага, у Масіфу, і там яны елі разам хлеб у Масіфе.
2І ўстаў Ісмаіл, сын Натаніі, і дзесяць чалавек, якія былі зь ім, і ўдарылі Гадолію, сына Ахікамавага, сына Сафанавага, мечам і забілі таго, каго цар Вавілонскі паставіў начальнікам над краінаю.
3Таксама забіў Ісмаіл і ўсіх Юдэяў, якія былі зь ім, з Гадоліем, у Масіфе, і былых там Халдэяў, людзей вайсковых.
4На другі дзень пасьля забойства Гадоліі, калі ніхто ня ведаў пра гэта,
5прыйшлі зь Сіхема, Сілома і Самарыі восемдзесят чалавек з паголенымі бародамі і ў падранай вопратцы, і параніўшы сябе, з дарункамі і ліванам у руках для прынясеньня іх у дом Гасподні.
6Ісмаіл, сын Натаніі, выйшаў з Масіфы насустрач ім, ідучы і плачучы, і спаткаўшыся зь імі, сказаў ім: «ідзеце да Гадоліі, сына Ахікамавага».
7І як толькі яны ўвайшлі ўсярэдзіну горада, Ісмаіл, сын Натаніі перабіў іх і ўкінуў у роў, ён і былыя зь ім людзі.
8Але знайшліся сярод іх дзесяць чалавек, якія сказалі Ісмаілу: «не забівай нас, бо ў нас ёсьць у полі схаваныя скарбы з пшаніцаю і ячменем, і алеем і мёдам». І ён утрымаўся і не забіў іх зь іншымі братамі іхнімі.
9А роў, куды кінуў Ісмаіл усе трупы людзей, якіх ён забіў за Гадолію, быў той самы, які выкапаў цар Аса, баючыся Ваасы, цара Ізраільскага; яго напоўніў Ісмаіл, сын Натаніі, забітымі.
10І захапіў Ісмаіл усю рэшту народа, што быў у Масіфе, дачок царовых і ўсю рэшту людзей у Масіфе, якіх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, даручыў Гадоліі, сыну Ахікамаваму, і захапіў іх Ісмаіл, сын Натаніі, і выправіўся да сыноў Амонавых.
11Але калі Ёанан, сын Карэеў і ўсе ваеначальнікі, што былі зь ім, пачулі пра ўсе зладзействы, якія ўчыніў Ісмаіл, сын Натаніі,
12узялі ўсіх людзей і пайшлі на бітву зь Ісмаілам, сынам Натаніі, і дагналі яго каля вялікіх водаў, у Гаваоне.
13І калі ўвесь народ, які быў у Ісмаіла, угледзеў Ёанана, сына Карэевага, і ўсіх ваенных начальнікаў, што былі зь ім, - узрадаваўся;
14і адвярнуўся ўвесь люд, які Ісмаіл зьвёў у палон з Масіфы, і павярнуўся і пайшоў да Ёанана, сына Карэевага,
15а Ісмаіл, сын Натаніі, уцёк ад Ёанана з васьмю людзьмі і пайшоў да сыноў Амонавых.
16Тады Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі, што былі зь ім, узялі з Масіфы ўсю рэшту люду, які ён вызваліў ад Ісмаіла, сына Натаніі, пасьля таго як той забіў Гадолію, сына Ахікамавага, мужчын, ваенных людзей і жанок і дзяцей, і еўнухаў, якіх ён вывеў з Гаваона;
17і пайшлі і спыніліся ў селішчы Хімам, непадалёк ад Віфляема, каб пайсьці ў Егіпет
18ад Халдэяў, бо яны баяліся іх, бо Ісмаіл, сын Натаніі, забіў Гадолію, сына Ахікамавага, якога цар Вавілонскі паставіў начальнікам над краінаю.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.