БЫЦЦЁ 47 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Бц 47

1І прыйшоў Язэп і паведаміў фараону і сказаў: бацька мой і браты мае, з дробным і буйным быдлам сваім і з усім, што ў іх, прыйшлі зь зямлі Ханаанскай: і вось, яны ў зямлі Гесэм.

2І з братоў сваіх ён узяў пяць чалавек і прадставіў іх фараону.

3І сказаў фараон братам ягоным: які ваш занятак? Яны сказалі фараону: пастухі авечак рабы твае, і мы і бацькі нашыя.

4І сказалі яны фараону: мы прыйшлі пажыць у гэтай зямлі, бо няма пашы быдлу рабоў тваіх, бо ў зямлі Ханаанскай вялікі голад; дык вось, дазволь пасяліцца рабам тваім у зямлі Гесэм.

5І сказаў фараон Язэпу: бацька твой і браты твае прыйшлі да цябе;

6зямля Егіпецкая перад табою; на лепшым месцы зямлі пасялі бацьку твайго і братоў тваіх; няхай жывуць яны ў зямлі Гесэм; і калі ведаеш, што сярод іх ёсьць здольныя людзі, пастаў іх даглядчыкамі майго быдла.

7І прывёў Язэп Якава, бацьку свайго, і прадставіў яго фараону: і дабраславіў Якаў фараона.

8Фараон сказаў Якаву: колькі гадоў жыцьцю твайму?

9Якаў сказаў фараону: дзён вандраваньня майго сто трыццаць гадоў; малыя і няшчасныя дні жыцьця майго і не дасягнулі гадоў жыцьця бацькоў маіх, у днях вандраваньня іхняга.

10І дабраславіў фараона Якаў і выйшаў ад фараона.

11І пасяліў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх, і даў ім валоданьне зь зямлі Егіпецкай, у найлепшай частцы зямлі, у зямлі Раамсэс, як загадаў фараон.

12І забясьпечваў Язэп бацьку свайго і братоў сваіх і ўвесь дом бацькі свайго хлебам, паводле патрэбаў кожнага сямейства.

13І ня было хлеба па ўсёй зямлі, бо голад вельмі памацнеў, і аслабелыя былі ад голаду зямля Егіпецкая і зямля Ханаанская.

14Язэп сабраў усё срэбра, якое было ў зямлі Егіпецкай і ў зямлі Ханаанскай, за хлеб, які куплялі, і ўнёс Язэп срэбра ў дом фараонаў.

15І срэбра скончылася ў зямлі Егіпецкай і ў зямлі Ханаанскай. Усе Егіпцяне прыйшлі да Язэпа і казалі: дай нам хлеба; навошта нам паміраць перад табою, таму што срэбра выйшла ў нас?

16Язэп сказаў: прыганяйце быдла ваша, і я буду даваць вам за быдла ваша, калі срэбра выйшла ў вас.

17І прыганялі яны да Язэпа быдла сваё; і даваў ім Язэп хлеб за коней, і за статкі дробнага быдла, і за статкі буйнога быдла, і за аслоў; і забясьпечваў іх хлебам у той год за ўсё быдла іхняе.

18І прайшоў гэты год: і прыйшлі да яго на другі год і сказалі яму: не схаваем ад гаспадара нашага, што срэбра скончылася і статкі быдла нашага ў гаспадара нашага; нічога не засталося ў нас перад гаспадаром нашым, апрача целаў нашых і земляў нашых;

19навошта нам гінуць у вачах тваіх, і нам і землям нашым? купі нас і землі нашыя за хлеб, і мы зь землямі нашымі будзем рабамі фараону, а ты дай нам насеньня, каб нам быць жывымі і не памерці, і каб не апусьцела зямля.

20І купіў Язэп усю зямлю Егіпецкую фараону, бо прадалі Егіпцяне кожны сваё поле; бо голад адольваў іх. І дасталася зямля фараону.

21І народ зрабіў ён рабамі з аднаго канца Егіпта ў другі.

22Толькі землі жрацоў ня купіў, бо жрацам ад фараона выдзелена была дзялянка, і яны карміліся сваёй дзялянкай, якую даў ім фараон; таму і не прадалі зямлі сваёй.

23І сказаў Язэп народу: вось, я купіў цяпер фараону вас і зямлю вашу; вось вам насеньне, і засявайце зямлю;

24калі будзе жніво, давайце пятую частку фараону, а чатыры часткі застануцца вам на засяваньне палёў, на ежу вам і тым, хто ў дамах вашых, і на ежу дзецям вашым.

25Яны сказалі: ты ўратаваў нам жыцьцё; хай жа здабудзем ласку ў вачах гаспадара нашага і хай будзем рабамі фараону.

26І пастанавіў Язэп законам зямлі Егіпецкай, нават да сёньняшняга дня: пятую чстку даваць фараону, выключаючы толькі зямлю жрацоў, якая не належала фараону.

27І жыў Ізраіль у зямлі Егіпецкай, у зямлі Гесэм, і валодалі яны ёю, і пладзіліся, і вельмі памножыліся.

28І жыў Якаў у зямлі Егіпецкай сямнаццаць гадоў; і было дзён Якава, гадоў жыцьця ягонага сто сорак сем гадоў.

29І прыйшоў час Ізраілю памерці, і паклікаў ён сына свайго Язэпа і сказаў яму: калі я знайшоў упадабаньне ў вачах тваіх, пакладзі руку тваю пад сьцягно маё і прысягні, што ты зробіш мне ласку і праўду, не пахаваеш мяне ў Егіпце,

30каб мне легчы з бацькамі маімі: вынесеш мяне зь Егіпта і пахаваеш мяне ў іхняй магільніцы. Язэп сказаў: зраблю паводле слова твайго.

31І сказаў: прысягні мне. І запрысягнуўся яму. І пакланіўся Ізраіль на ўзгалоўе пасьцелі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help