4 ЦАРСТВАЎ 10 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

4 Цар 10

1У Ахава было семдзесят сыноў у Самарыі. І напісаў Іуй лісты, і паслаў у Самарыю начальнікам Ізрэельскім, старэйшынам і выхавальнікам дзяцей Ахававых, такога зьместу:

2калі прыйдзе вам гэты ліст, дык, як што ў вас і сыны гаспадара вашага, у вас жа і калясьніцы, і коні, і ўмацаваны горад, і зброя,

3выберыце найлепшага і найгоднейшага з сыноў гаспадара свайго, і пасадзеце на трон бацькі ягонага, і ваюйце за дом гаспадара свайго.

4Яны вельмі спалохаліся і сказалі: вось, два цары не ўстаялі перад ім, як жа нам устаяць?

5І паслаў начальнік над домам царскім, і начальнік горада, і старэйшыны, і выхавальнікі да Іуя сказаць: мы рабы твае, і што скажаш нам, тое і зробім; мы нікога не паставім царом, што заўгодна табе, тое і рабі.

6І напісаў ён ім ліст другі раз такі: калі вы мае і слова майго слухаецеся, дык вазьмеце галовы сыноў гаспадара свайго, і прыйдзеце да мяне заўтра ў гэты час у Ізрэель.

7Калі дайшоў да іх ліст, яны ўзялі царскіх сыноў, і закалолі іх - семдзесят чалавек, і паклалі галовы іхнія ў кашы, і паслалі да яго ў Ізрэель.

8І прыйшоў пасланец, і данёс яму, і сказаў: прынесьлі галовы сыноў царскіх. І сказаў ён: раскладзеце іх на дзьве кучы каля ўваходу ў браму, да раніцы.

9Раніцай ён выйшаў, і стаў, і сказаў усяму народу: вы не вінаватыя. Вось я паўстаў супроць гаспадара майго, і забіў яго, а іх усіх хто забіў?

10Ведайце ж цяпер, што не ўпадзе на зямлю ніводнае слова Госпада, якое Ён мовіў пра дом Ахава: Гасподзь зрабіў тое, што мовіў праз раба Свайго Ільлю.

11І аддаў Іуй сьмерці ўсіх, хто яшчэ заставаўся з дома Ахава ў Ізрэелі, і ўсіх вяльможаў ягоных, і блізкіх ягоных, і сьвятароў ягоных, так што не засталося ад яго ніводнага ацалелага.

12І ўстаў, і пайшоў, і прыйшоў у Самарыю. Па дарозе пры Бэт-Экэдзе пастухоўскім,

13сустрэў Іуй братоў Ахозіі, цара Юдэйскага, і сказаў: хто вы? Яны сказалі: мы браты Ахозіі, ідзём даведацца пра здароўе сыноў цара і сыноў гаспадарыні.

14І сказаў ён: вазьмеце іх жывых. І ўзялі іх жывых, і закалолі іх - сорак два чалавекі, каля калодзежа Бэт-Экэда, і не засталося зь іх ніводнага.

15І паехаў адтуль і сустрэўся зь Ёнадавам, сынам Рыхававым, які ішоў насустрач яму, і прывітаў яго, і сказаў яму: ці прыхіляецца тваё сэрца, як маё да твайго сэрца? І сказаў Ёнадаў: так. Калі так, дык дай руку тваю. І падаў ён руку сваю, і падняў ён яго да сябе ў калясьніцу,

16і сказаў: едзь са мною і глядзі на руплівасьць маю за Госпада. І пасадзілі яго ў калясьніцу.

17Прыехаўшы ў Самарыю, ён забіў усіх, хто заставаўся ў Ахава ў Самарыі, так што зусім вынішчыў яго, паводле слова Госпада, якое Ён мовіў Ільлю.

18І сабраў Іуй увесь народ і сказаў ім: Ахаў мала служыў Ваалу; Іуй будзе служыць яму больш.

19Дык вось, паклічце да мяне ўсіх прарокаў Ваала, усіх службітоў ягоных і ўсіх сьвятароў ягоных, каб ніхто ня быў адсутны, бо ў мяне будзе вялікая ахвяра Ваалу. А кожны, хто ня зьявіцца, не застанецца жывы. Іуй рабіў гэта з хітрым намерам, каб зьнішчыць службітоў Ваала.

20І сказаў Іуй: назначце сьвяточны сход дзеля Ваала. І абвясьцілі сход.

21І паслаў Іуй па ўсім Ізраілі, і прыйшлі ўсе службіты Ваала; не засталося ніводнага чалавека, хто ня прыйшоў бы; і ўвайшлі ў дом Ваалаў, і напоўніўся дом Ваалаў ад краю да краю.

22І сказаў ён рызьніку: прынясі вопратку ўсіх служак Ваала. І ён прынёс ім вопратку.

23І ўвайшоў Іуй з Ёнадавам, сынам Рыхававым, у дом Ваалаў, і сказаў служкам Ваала: разьведайце і разгледзьце, ці няма сярод вас каго з службітоў Гасподніх, бо тут павінны быць толькі адны службіты Ваала.

24І прыступілі яны да ўчыненьня ахвяраваньняў і цэласпаленьняў. А Іуй паставіў па-за домам восемдзесят чалавек і сказаў: душа таго, у каго выратуецца хто-небудзь зь людзей, якіх я аддаю вам у рукі, будзе замест душы таго, хто выратаваўся.

25Калі закончана было цэласпаленьне, Іуй сказаў скараходам і начальнікам: ідзеце, беце іх, каб ніводзін не ацалеў. І пабілі іх вастрыём меча, кінулі іх скараходы і начальнікі, і пайшлі ў горад, дзе было капішча Ваалавае,

26і вынесьлі статуі з капішча Ваалавага і спалілі іх,

27і разьбілі статую Ваала, і разбурылі капішча Ваалавае; і зрабілі зь яго месца нечысьці да сёньня.

28І вынішчыў Іуй Ваала зь зямлі Ізраільскай.

29У астатнім ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, ад іх не адступаў Іуй, - ад залатых цялят, якія ў Вэфілі, і якія ў Дане.

30І сказаў Гасподзь Іую: за тое, што ты ахвотна зрабіў, што было справядліва ў вачах Маіх, выканаў над домам Ахававым усё, што было на сэрцы ў Мяне, сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым.

31Але Іуй не стараўся хадзіць у законе Госпада Бога Ізраілевага ад усяго сэрца. Ён не адступаўся ад грахоў Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

32У тыя дні пачаў Гасподзь адразаць часткі ад Ізраільцянаў, і пабіваў іх Азаіл ва ўсіх межах Ізраілевых.

33На ўсход ад Ярдана, усю зямлю Галаад, калена Гадава, Рувімава, Манасііна, пачынаючы ад Ароера, што пры патоку Арноне, і Галаад і Васан.

34Астатняе пра Іуя і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі яго напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

35І спачыў Іуй з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёахаз, сын ягоны, замест яго.

36А часу валадараньня Іуя над Ізраілем, у Самарыі, было дваццаць восем гадоў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help