ЛІКІ 3 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Лікі 3

1Вось радавод Ааронаў і Майсееў, калі гаварыў Гасподзь Майсею на гары Сінаі,

2вось імёны сыноў Ааронавых: першынец Надаў, Авіуд, Элеазар і Ітамар;

3гэта імёны сыноў Ааронавых, сьвятароў, памазаных, якіх ён прысьвяціў, каб сьвятарылі;

4але Надаў і Авіуд памерлі перад абліччам Гасподнім, калі яны прынесьлі агонь чужы перад аблічча Госпада ў пустыні Сінайскай, а дзяцей у іх ня было, і засталіся сьвятарамі Элеазар і Ітамар пры Аароне,

5І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

6прывядзі племя Лявіінае і пастаў яго перад Ааронам сьвятаром, каб яны служылі яму;

7і няхай яны будуць на варце замест яго і на варце замест усяго супольства пры скініі сходу, каб несьці службы пры скініі;

8і няхай шануюць усе рэчы скініі сходу і будуць на варце замест сыноў Ізраілевых, каб несьці службу пры скініі;

9аддай лявітаў Аарону і сынам ягоным: няхай будуць яны аддадзены яму з сыноў Ізраілевых;

10а Аарону і сынам ягоным даручы, каб яны даглядалі сьвятарскую пасаду сваю; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.

11І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

12вось, я ўзяў лявітаў з сыноў Ізраілевых замест усіх першынцаў, якія размыкаюць сьцёгны з сыноў Ізраілевых; лявіты будуць Мае,

13бо ўсе першынцы - Мае; таго дня, калі пабіў Я ўсіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, асьвяціў Я Сабе ўсіх першынцаў Ізраілевых ад чалавека да быдла: яны павінны быць Мае. Я Гасподзь.

14І наказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай:

15палічы сыноў Лявііных паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх, усіх мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй палічы.

16І палічыў іх Майсей па слове Гасподнім, як загадана.

17І вось сыны Лявііныя па імёнах іхніх: Гірсон, Каат і Мэрары.

18І вось імёны сыноў Гірсонавых па родах іхніх: Ліўні і Шымэй.

19І сыны Каата па родах іхніх: Амрам і Іцгар, Хэўрон і Ўзііл.

20І сыны Мэрары па родах іхніх, Махлі і Мушы. Вось роды Лявііныя па сямействах іхніх.

21Ад Гірсона род Ліўні і род Шымэя: гэта роды Гірсонавыя.

22Палічаных было ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, сем тысяч пяцьсот.

23Роды Гірсонавыя павінны спыняцца за скініяй на захад;

24правадыр пакаленьня сыноў Гірсонавых Эліясаф, сын Лаэлаў;

25ахове сыноў Гірсонавых у скініі сходу даручаецца скінія і покрыва яе, і заслона на ўваходзе ў скінію сходу,

26і заслоны двара, і заслона на ўваходзе ў двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі яе, з усімі іх прыладамі.

27Ад Каата род Амрамаў і род Іцгараў, і род Хэўронаў і род Узіілаў: гэта роды Каатавыя.

28Па ліку ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, восем тысяч шэсьцьсот, якія ахоўвалі сьвятыню.

29Роды сыноў Каатавых павінны ставіць табар свой з паўднёвага боку скініі;

30а правадыр пакаленьня родаў Каатавых Элцатан, сын Узіілаў;

31пад аховаю ў іх каўчэг, стол, сьвяцільня, ахвярнікі, сьвяшчэнны посуд, які ўжываецца пры службе, і заслона з усімі яе прыладамі.

32Правадыр над правадырамі лявітаў Элеазар, сын Аарона сьвятара; пад яго наглядам тыя, каму даверана ахова сьвятыні.

33Ад Мэрары род Махлі і род Мушы: гэта род Мэрары;

34палічаных па ліку ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй - шэсьць тысяч дзьвесьце;

35правадыр пакаленьня родаў Мэрары Цурыіл, сын Авіхаілаў; яны павінны ставіць табар свой на паўночным баку скініі;

36ахове сыноў Мэрары даручаюцца брусы скініі і жэрдзі яе, і слупы яе і падножжы яе і ўсе рэчы яе, з усім уладкаваньнем іх.

37І слупы двара з усіх бакоў і падножжа іхняе, і колцы іхнія і вяроўкі іхнія.

38А зь пярэдняга боку скініі, на ўсход перад скініяй сходу, павінны ставіць табар Майсей і Аарон і сыны ягоныя, якім даверана ахаваньне сьвятыні за сыноў Ізраілевых; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.

39Усіх палічаных лявітаў, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, паводле родаў іхніх, усіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы.

40І сказаў Гасподзь Майсею: палічы ўсіх першынцаў мужчынскага полу з сыноў Ізраілевых, ад аднаго месяца і вышэй, і пералічы іх паіменна;

41і вазьмі лявітаў дзеля Мяне, - Я Гасподзь, - замест усіх першынцаў з сыноў Ізраіля, а быдла лявітаў замест усяго першароднага быдла сыноў Ізраілевых.

42І палічыў Майсей, як загадаў яму Гасподзь, усіх, першынцаў з сыноў Ізраілевых,

43і было ўсіх першынцаў мужчынскага полу, па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзесят тры.

44І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

45вазьмі лявітаў замест усіх першынцаў з сыноў Ізраіля і быдла лявітаў замест быдла іхняга; няхай лявіты будуць Мае. Я Гасподзь.

46А выкуп двухсот сямідзесяці трох, якія лішнія ў ліку лявітаў, зь першынцаў Ізраілевых,

47вазьмі па пяць сікляў за чалавека, па сіклі сьвяшчэнным вазьмі, дваццаць гераў у сіклі

48і аддай срэбра гэта Аарону і сынам ягоным, у выкуп за лішніх у ліку іхнім.

49І ўзяў Майсей срэбра выкупу за лішніх у ліку замененых лявітамі,

50ад першынцаў Ізраілевых узяў срэбра тысячу трыста шэсьцьдзясят пяць сікляў, па сіклі сьвяшчэнным,

51і аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам ягоным па слове Гасподнім, як загадаў Гасподзь Майсею.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help