1Нямоглага ў веры прымайце бяз спрэчкі пра погляды ягоныя.
2Бо адзін ўпэўнены, што можна есьці ўсё, а нямоглы есьць гародніну.
3Хто есьць, не прыніжай таго, хто ня есьць; і хто ня есьць, не асуджай таго, хто есьць: бо Бог прыняў яго.
4Хто ты, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім гаспадаром стаіць ён ці падае; і будзе пастаўлены, бо моцны Бог, каб паставіць яго.
5Адзін адрозьнівае дзень ад дня, а другі мяркуе пра ўсякі дзень аднолькава. Кожны хай будзе цьвёрды ў сваім перакананьні.
6Хто лічыцца з днём, дзеля Госпада лічыцца; і хто ня лічыцца з днём, дзеля Госпада ня лічыцца. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу; і хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць і дзякуе Богу.
7Бо ніхто з нас ня жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе.
8А ці жывём - дзеля Госпада жывём, ці паміраем - дзеля Госпада паміраем. І таму, ці жывём, ці паміраем, - заўсёды Гасподнія.
9Бо Хрыстос дзеля таго і памёр і ажыў, каб уладарыць і над мёртвымі і над жывымі.
10А ты чаго асуджаеш брата твайго? Альбо і ты, чаго прыніжаеш брата твайго? Усе мы паўстанем на суд Хрыстовы.
11Бо напісана: «жыву Я, кажа Гасподзь: перада Мною схіліцца кожны род, і кожнае племя будзе вызнаваць Бога».
12Так, кожны з нас за сябе адкажа перад Богам.
13Ня будзем жа болей судзіць адно аднаго, а лепей памяркуйце пра тое, як бы не даваць нагоды спатыкнуцца альбо спакусіцца.
14Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога ў самім сабе нячыстага; яно нячыстае толькі ў таго, хто што-небудзь лічыць нячыстым.
15Калі ж за ежу засмучаецца брат твой, дык ты ўжо ня ў любові ходзіш; ня губі тваёю страваю таго, за каго Хрыстос памёр.
16Хай ня зганіцца ваша добрае.
17Бо Царства Божае ня ежа і ня пітво, а праведнасьць і мір і радасьць у Сьвятым Духу.
18Хто гэтым служыць Хрысту, той богаспадобны і варты ўхвалы людзкое.
19Дык вось, будзем імкнуцца да таго, што служыць міру і ўзаемнай навуцы.
20Дзеля ежы ня руйнуй дзеяў Божых: усё чыстае, але блага чалавеку, які есьць зь нядобрым сумленьнем.
21Лепей ня есьці мяса, ня піць віна і не рабіць нічога такога, ад чаго брат твой спатыкаецца, альбо спакушаецца, альбо зьнемагае.
22Ты маеш веру? май яе сам у сабе, перад Богам. Дабрашчасны, хто не асуджае сябе за тое, што выбірае.
23А хто сумняваецца, калі есьць, асуджаецца, бо не паводле веры; а ўсё, што не паводле веры, грэх.
24А Таму, Хто можа сьцьвердзіць вас, паводле зьвеставаньня майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, паводле адкрыцьця тайны, пра якую ад вечных часоў маўчалася,
25але якая цяпер яўлена і празь Пісаньні прарочыя, па загадзе вечнага Бога, абвешчана ўсім народам для скарэньня іх веры,
26адзінаму мудраму Богу, празь Ісуса Хрыста, слава навекі. Амін.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.