ЛІКІ 4 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Лікі 4

1І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

2палічы сыноў Каатавых з сыноў Лявіі паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,

3ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, каб несьці працу ў скініі сходу.

4Вось служба сыноў Каатавых у скініі сходу: насіць Сьвятое Сьвятых.

5Калі табару трэба выправіцца ў дарогу, Аарон і сыны ягоныя ўвойдуць, і здымуць заслону, якою закрываюць, і накрыюць ёю каўчэг адкрыцьця;

6і пакладуць на яе покрыва са скураў сіняга колеру, а паўзьверх яго накінуць покрыва ўсё з блакітнай воўны, і ўставяць жэрдкі яго;

7і стол хлябоў ахвяраваньня накрыюць тканінай з блакітнай воўны, і паставяць на ім місы, талеркі, чары і кубкі для паліваньня, і хлеб яго заўсёдны павінен быць на ім;

8і пакладуць на іх тканіну барвовую, і накрыюць яе покрывам са скуры сіняга колеру, і ўставяць жэрдкі яго;

9і возьмуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць сьвяцільню і лампады яго, і абцугі яго і латкі яго, і ўвесь посуд пад алей, які ўжываецца пры ім,

10і накрыюць яго і ўсе прылады яго покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі;

11і на залаты ахвярнік пакладуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.

12І возьмуць усе рэчы службовыя, якія ўжываюцца на служэньні ў сьвятыні, і пакладуць у тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць іх покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі.

13І ачысьцяць ахвярнік ад попелу і накрыюць яго тканінаю пурпуроваю;

14і пакладуць на яго ўвесь посуд яго, які ўжываецца ў служэньні каля яго - вугольніцы, відэльцы, лапаткі і чары, увесь посуд ахвярніка - і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.

15Калі, пры выпраўленьні ў дарогу табара, Аарон і сыны ягоныя накрыюць усю сьвятыню і ўсе рэчы сьвятыні, тады сыны Кааты падыдуць, каб несьці; але не павінны яны дакранацца да сьвятыні, каб не памерці. Гэтыя часткі скініі сходу павінны насіць сыны Каатавыя.

16Элеазару, сыну Аарона сьвятара, даручаецца алей для сьвяцільні і пахучае дымленьне, і заўсёднае хлебнае прынашэньне і алей памазаньня, - даручаецца ўся скінія і ўсё, што ў ёй, сьвятыня і прылады яе.

17І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

18не загубеце племя родаў Каатавых спасярод лявітаў,

19але вось, што зрабеце ім, каб яны былі жывыя і не памерлі, калі падыходзяць да Сьвятога Сьвятых: Аарон і сыны Ягоныя няхай прыйдуць і паставяць іх кожнага ў служэньні ягоным і каля ношы ягонае;

20але самыя яны не павінны падыходзіць, глядзець сьвятыню; калі накрываюць яе, каб не памерці.

21І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

22палічы і сыноў Гірсонавых паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх,

23ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы іх усіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.

24Вось працы сямействаў Гірсонавых, пры іхнім служэньні і нашэньні цяжараў:

25яны павінны насіць покрывы скініі, і скінію сходу, і покрыва яе, і покрыва скураное сіняе, якое паверсе яго, і заслону на ўваход у скінію сходу,

26і заслоны двара, і заслону на ўваход у двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі іх і ўсе рэчы, якія належаць да іх; і ўсё, што робіцца пры іх, яны павінны рабіць;

27па загадзе Аарона і сыноў ягоных павінны чыніцца ўсе службы сыноў Гірсонавых пры ўсякім нашэньні цяжараў і ўсякай працы іхняй, і даручэце іх захаваньню ўсё, што яны носяць;

28вось службы родаў сыноў Гірсонавых у скініі сходу, і вось, што даручаецца іх захаваньню пад наглядам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.

29Сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх палічы,

30ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы ўсіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.

31Вось, што яны павінны насіць, паводле службы іхняй пры скініі сходу: брусы скініі і жэрдкі яе, і слупы яе і падножжы яе,

32і слупы двара з усіх бакоў і падножжы іх, і калы іх і вяроўкі іх, і ўсе рэчы пры іх і ўсе прылады іх; і паімнённа палічэце рэчы, якія яны абавязаны насіць;

33вось працы родаў сыноў Мэрарыных, паводле службы іх пры скініі сходу, пад нагладам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.

34І палічылі Майсей і Аарон і правадыры супольства сыноў Каатавых паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

35ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, для працы ў скініі сходу;

36і было палічана, паводле родаў іхніх, дзьве тысячы сямсот пяцьдзясят:

37гэта - палічаныя з родаў Каатавых, усе службіты пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.

38І палічаны сыны Гірсонавыя паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

39ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы ў скініі сходу;

40і было палічана паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць:

41гэта - палічаныя з родаў сыноў Гірсона, усе службіты пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон, па загадзе Гасподнім.

42І палічаны роды сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,

43ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы пры скініі сходу;

44і было налічана паводле родаў іхніх тры тысячы дзьвесьце:

45гэта - палічаныя з родаў сыноў Мэрарыных, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.

46І палічаны ўсе лявіты, якіх палічыў Майсей і Аарон і правадыры Ізраіля паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

47ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы ў працы і нашэньня ў скініі сходу;

48і было налічана іх восем тысяч пяцьсот восемдзесят;

49па загадзе Гасподнім праз Майсея вызначаны яны кожны да сваёй працы і нашэньня, і палічаны, як загадаў Гасподзь Майсею.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help