ІСАІ 60 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Іс 60

1Паўстань, сьвяціся, Ерусаліме; бо прыйшло сьвятло тваё, і слава Гасподняя ўзышла над табою.

2Бо вось, цемра пакрые зямлю, і змрок народы; а над табою зазьзяе Гасподзь, і слава Яго зьявіцца над табою.

3І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і цары - да зьзяньня, якое ўзыходзіць над табою.

4Падымі вочы твае і паглядзі навокал: усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе: сыны твае здалёк ідуць і дачок тваіх на руках нясуць.

5Тады ўбачыш і зарадуешся, і затрымціць і расхінецца сэрца тваё, бо багацьце мора зьвернецца да цябе, здабытак народу прыйдзе да цябе.

6Мноства вярблюдаў пакрые цябе - драмадэры з Мадыяма і Эфы; усе яны з Савы прыйдуць, прынясуць золата і ладан і ўзьвесьцяць славу Гасподнюю.

7Усе авечкі Кідарскія будуць сабраныя да цябе; бараны Нэваёцкія паслужаць табе: узыдуць на алтар Мой ахвяраю спадабанаю, і Я праслаўлю дом славы Маёй.

8Хто гэта ляціць, як воблакі, і як галубы - да галубятняў сваіх?

9Так, Мяне чакаюць выспы і наперадзе іх - караблі Фарсіскія, каб перавезьці сыноў тваіх здалёк і зь імі срэбра іхняе і золата іхняе, у імя Госпада Бога твайго і Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіць цябе.

10Тады сыны іншаземцаў будавацьмуць сьцены твае, і цары іхнія - будуць служыць табе; бо ў гневе Маім Я пабіваў цябе, а ва ўпадабаньні Маім буду мілажальны да цябе.

11І заўсёды будуць адчынены брамы твае, зачыняцца ня будуць ні ўдзень, ні ўначы, каб прыносілі табе здабытак народаў і прыводзілі цароў іхніх.

12Бо народ і царства, якія не захочуць служыць табе, - загінуць, і такія народы цалкавіта вынішчацца.

13Слава Лівана прыйдзе да цябе, кіпарыс, ядловец і кедр злучацца, каб упрыгожыць месца сьвяцілішча Майго, - і Я праслаўлю падножжа ног Маіх.

14І прыйдуць да цябе ў пакоры сыны прыгнятальнікаў тваіх, і ўпадуць да ступакоў ног тваіх усе, хто пагарджаў табою, і назавуць цябе горадам Госпада, Сіёнам Сьвятога Ізраілевага.

15Замест таго, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, так што ніхто не праходзіў празь цябе, - Я зраблю цябе веліччу навекі, радасьцю ў роды родаў.

16Ты будзеш насычацца малаком народаў, і грудзі царскія смактаць будзеш, і ўведаеш, што Я Гасподзь - Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Ізраілеў.

17Замест медзі буду дастаўляць табе золата, і замест жалеза - срэбра, і замест дрэва - медзь, і замест камянёў - жалеза; і пастаўлю кіраўніком тваім спакой і наглядчыкамі тваімі - праўду.

18Ня чуваць будзе болей насільля ў зямлі тваёй, спусташэньня і разбурэньня - у межах тваіх; і будзеш называць сьцены твае ратункам і брамы твае - славаю.

19Ня будзе ўжо сонца служыць табе сьвятлом дзённым, і зьзяньне месяца - сьвяціць табе; а Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і Бог твой - славаю тваёю.

20Ня зойдзе ўжо сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і закончацца дні жальбы тваёй.

21І народ твой увесь будзе праведны, навекі ўспадкуе зямлю, - парасьліну насаджэньня Майго, дзею рук Маіх, на праслаўленьне Маё.

22Ад малога пойдзе тысяча, і ад самага слабога - моцны народ. Я, Гасподзь, паскору зьдзейсьніць гэта сваім часам.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help